Вера Амяляшчык: «Самая галоўная рэч у жыцці любоў»

Ужо напрыканцы жніўня вечарэць стала рана. На гадзінніку няма і васьмі, а сонца пакацілася за лес. Нібы дым, рассцілаецца туман і пахне познімі кветкамі і спаленым бульбоўнікам. Менавіта гэтая пара і гэты час асабліва даспадобы Веры Амяляшчык, загадчыцы Дабромысленскай амбулаторыі, дэпутату раённага Савета дэпутатаў, дэлегату Усебеларускага народнага сходу. А калі прасцей, дык Пятроўне, так жанчыну называюць жыхары вёскі і, у большасці сваёй, з прыстаўкай «наша».
– Для мяне самая галоўная рэч у жыцці – гэта любоў, – прыязна ўсміхаючыся, кажа Вера Пятроўна. – Я люблю прыроду, люблю вёску, людзей, сям’ю, сваю работу. Нават не выказаць словамі, наколькі люблю жыццё, якое, даўно пераканалася, адказвае мне ўзаемнасцю.
Вера Пятроўна шчыра робіць прызнанні і адразу ж згадвае момант, калі яе на чарговай сесіі Волькаўскага сельскага Савета дэпутатаў зусім нечакана прапанавалі ў склад дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.
– Хвалявалася, вельмі, – працягвае размову субяседніца. – І ў першую чаргу з-за таго, што надта хацелася стаць часткай важнай, маштабнай і, як аказалася, незабыўнай падзеі не толькі ў маім жыццёвым летапісе, але і гісторыі нашай дзяржавы.
Што ж датычыцца землякоў-дабромысленцаў, дык яны ніколечкі не сумняваліся ў сваёй Веры Пятроўне і не здзівіліся таму, што менавіта ёй даверана прымаць удзел ва Усебеларускім народным сходзе і вызначаць будучыню краіны.
– Не толькі родныя, сябры, мае дзеці казалі: «А хто больш, чым ты, заслугоўвае быць дэлегатам?» – расказвае Вера Пятроўна.
На словы гэтыя, прызнаецца жанчына, яна найбольш маўчала, маўчала і ўспамінала, як праз цемру, з сумкай хуткай дапамогі бегла праз усю вёску да маладога чалавека з высокім ціскам і малілася, каб толькі не інсульт. Як на самых розных узроўнях прасіла, даказвала, што медыцынскай установе ў Дабромыслі, як паветра, патрэбна «перазагрузка» праз мадэрнізацыю і абнаўленне. Як неаднойчы, гледзячы ў спалоханыя і дужа заклапочаныя вочы родных хворага, чула: «Верачка Пятроўна, што б было, каб не Вы?».
Што б было?… Кожны раз, ідучы, едучы да хворага, Вера Пятроўна настройвала сябе на тое, што ўсё будзе добра, што яна моцная і з любымі цяжкасцямі абавязкова справіцца.
– А як жа інакш. Дапамагаю, ратую заўсёды так, як ратавала б маму, бацьку, каханага, што тут казаць, як ратавала б дзяцей сваіх, – прызнаецца жанчына.
Па гісторыях, якія за трыццаць год служэння медыцыне былі ў жыцці Веры Амяляшчык, можна было б не тое што фільм, серыял здымаць.
– Быў выпадак, калі мне, яшчэ зусім «зялёнай», прыйшлося роды ў хатніх умовах прымаць, – працягвае расказ Вера Пятроўна. – А неяк вызывае пажылая жанчына, маўляў, сын дрэнна сябе адчувае. Прыходжу, а ў хаце акно выбітае, вядро вады на падлозе, рукі хворага ў крыві… «Што здарылася?» – пытаю. У адказ: «З белым мядзведзем барацьбу вёў». Хаця быў гэта ніякі не мядзведзь, а самая што ні на ёсць белая гарачка.
На пытанне, чаму выбрала такую неспакойную прафесію, Вера Амяляшчык адказвае, доўга не раздумваючы:
– Тут зноў прыйдзецца гаварыць пра любоў… Бабуля, якую я вельмі моцна любіла, цяжка хварэла, хаця была не надта старой. Дзяўчом, калі дапамагала роднаму чалавеку спраўляцца з хваробай, думала: была б я медыкам!..
…Па дарозе дадому з апошняга, а для Веры Амяляшчык першага ў жыцці Усебеларускага народнага сходу ёй хацелася спяваць. Так-так, спяваць. Хаця, надзяліўшы дабрынёю, міласэрнасцю і вялікім сэрцам, голас і музычны слых ёй Бог не падараваў. Таму спявала душа жанчыны:
Да родных клёнаў і бяроз
Плывуць аблокі чарадою.
І як бы мой ні склаўся лёс,
Ты, Беларусь, заўжды са мною.
Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.