Close
Новости Общество Подпишись на "ІВ" Редакция

Не толькі булачкі, але і раёнку лепш за ўсіх прадае калектыў магазіна «Колас»

Не толькі булачкі, але і раёнку лепш за ўсіх прадае калектыў магазіна «Колас»
  • Опубликовано:3 августа, 2025

З павідлам, тварагом, карыцай, часнычныя, ляпёшкі… Вочы разбягаюцца.
11 гадзін раніцы, а мы – у магазіне «Колас», ці па-простаму ў народзе «Гарачы хлеб». І, трэба сказаць, ледзь прасунуліся між доўгай чаргі людзей, каб падысці да касы і спытаць, калі знойдзецца пару хвілін для прыемнай місіі.

Можа, хтосьці падумаў, што ж мы сярод рабочага дня тут робім? Наведалі мы калектыў магазіна з віншаваннямі з нядаўнім Днём работнікаў гандлю, а таксама са словамі ўдзячнасці і падарункам. Мы падлічылі, хто лепш прадае наш «ІВ», і высветлілі, што гэты жаночы калектыў умее спрытна не толькі хлебабулачныя вырабы прадаваць, але і раёнку, прычым, без спісання: кожную суботу ўсе 50 нумароў раённай газеты распрадаюцца.

У дзень нашага візіту працавала палова калектыву, чаргуюцца яны два дні праз два. І пакуль Лі-
дзія Ананчык абслугоўвала бясконцую чаргу, мы паразмаўлялі з Яўгеніяй Хаванскай.

– Не здзіўляйцеся, – пачала яна размову. – Столькі людзей у нас ад ранку да вечара, толькі за паўгадзіны да закрыцця людзей меншае. А так за дзень абслугоўваем па 900-1000 чалавек. Бывае, што за хвіліну тры чэкі выбіваем, канвеер, адным словам.

– То, напэўна, і выручка неблагая? – пытаюся.

– За дзень недзе чатыры тысячы нагандляваць можам, за месяц – 110-120 тысяч рублёў. Улічвайце, што гэта танны тавар: палавінкі, чацвярцінкі хлеба, булачкі вагой па 75 грам, якія каштуюць ад 32 да 87 капеек, круасаны, прэсервы, бакалея, малочка. Толькі мясных вырабаў у нас няма.

Мая субяседніца Яўгенія Мікалаеўна працуе ў магазіне з моманту яго адкрыцця – з 1 ліпеня 1987 года. Помніць часы, калі яны прапаноўвалі спажыўцам толькі чатыры разнавіднасці прадукцыі: хлеб, батон, муку блінную і ваду ў шкле па 0,5 літра. А зараз – вочы разбягаюцца.

– Нават і французская выпечка ёсць: круасаны «Ліманела» і «Шыкадзель», па 50 штук кожны дзень разбіраюць, – дапаўняе Яўгенія Хаванская.

Амаль з адкрыцця магазіна працуюць і Лідзія Ананчык, і загадчык Антаніна Гардзейка. Добра ўлілася ў дружны жаночы калектыў, дзе ўсе адзін за аднаго, і Жанна Калесніковіч, якая перажывае, хоць бы яе калегі на пенсію пайсці не надумалі, бо ўжо дасягнулі такога ўзросту. Але жанчыны абяцалі яшчэ папрацаваць, хочацца ім дачакацца таго моманту, калі любімы магазін пашырыць сваю тэрыторыю і яшчэ больш будзе прыцягваць пакупнікоў. Бо ёсць сярод пастаянных кліентаў і жыхары Мінска, якія абавязкова з сабой у сталіцу вязуць івацэвіцкі «кірпічык» і смачныя салодкія булачкі.

Марыя Сазонава. Фота Валерыя Міскевіча.